Сожжение деревни Бозок

 

 

Материалы по сожжению деревни Бозок ранее размещались в «Электронной книге Память. Осиповичский район»  — ссылка на картинке слева 

 

 

 

 

 

 

207 страница — Сожжение Бозока

Да вайны вёска Бозак мела 120 двароў. Стаіць яна амаль у самым лесе, далёка ад навакольных вёсак. Прыгожа тут улетку. Луг квяцістай стужкай акаймляе агароды калгаснікаў, нешта ціхенька шэпча каля лесу рэчка…

У 1930 годзе аб’ядналіся бозкаўцы ў калгас і назвалі яго імем легендарнага камандзіра Першай Коннай – Сямёна Міхайлавіча Будзённага. Хутка справы калгаснага калектыву пайшлі на лад. Разам сеялі, разам збіралі хлеб. Калі здаралася бяда – нядоўга выправіць яе грамадой. Кожны год вынікі калектыўнай працы гаварылі аб адзіна верным шляху, які выбралі сяляне. Кожны дбаў аб павелічэнні калгасных прыбыткаў, разам з тым рос і дабрабыт саміх людзей.

Толькі аднойчы жахнула маланкай чутка – вайна. Не маглі адразу паверыць. Але ўжо бамбілі Мінск, Асіповічы. 26 чэрвеня нямецкі дэсант высадзіўся ў мястэчку Ялізава. Толькі паспелі правесці жанчыны ў Чырвоную армію сваіх мужоў, нявесты – сваіх каханых, як фашысты з’явіліся ў вёсцы. Пацягнуліся страшэнныя дні акупацыі. Разам з паліцаямі гітлераўцы часта наляталі крумкачамі на вёску, каб нарабаваць паболей дабра, паздзекавацца з яе жыхароў. Аднак вяскоўцы верылі ў хуткае вызваленне, з надзеяй прыслухоўваліся да вестак аб Чырвонай арміі.

Хутка ўсё больш і больш сталі падаваць свой голас партызаны. Пачалася народная вайна. Хто мог насіць зброю – сталі ўдзельнікамі партызанскага руху і бозкаўцы. Гэта былі Раман Фёдаравіч Рудзько, Іван Цярэнцьевіч Кажанец, многія другія былі сувязнымі партызанскіх атрадаў. Вёска жыла і змагалася. Жыхары хавалі хлеб, жывёлу ад гітлераўскіх захопнікаў, а потым перадавалі народным мсціўцам. Усе чакалі дня вызвалення…

Май 1944 года. Пад магутнымі ўдарамі Чырвонай арміі, несучы вялікія страты, коціцца вораг з беларускай зямлі. Вось-вось зацягнецца пятля на яго шыі. Але фашысцкія каты яшчэ наводзяць жах на людзей сваімі расправамі і здзекамі, робяць аблавы, лясныя блакіроўкі. Вось і гэта, апошняя…

Расцягнуўшыся ланцугом ад Ліпеня да Градзянкі, карнікі прачэсваюць лес, спадзеючыся напасці на след партызан. Але ўсё дарэмна. Атрады брыгады Мікалая Піліпавіча Каралёва даўно ўжо пакінулі яго.

208 страница

Толькі адзін узвод партызан з атрада Рыгора Нікіфаравіча Баразны даў бой фашыстам недалёка ад вёскі і, прарваўшы акружэнне, знік у невядомым напрамку. Тады гітлераўскія звяры вырашылі адпомсціць мірным жыхарам. Усіх, каго затрымлівалі ў лесе, каты зганялі ў адзін натоўп і гналі перад сабой да вёскі. Некаторыя бозкаўцы хаваліся ў лесе. Сярод аднавяскоўцаў быў і Ціт Пракопавіч Гоцін са сваёй жонкай і траімі дзецьмі. Восем чалавек сядзелі пад вываратнем вялізнага паваленага дрэва. Час ад часу Ціт Пракопавіч узлазіў на вялікую хвою, што стаяла побач, і назіраў за вёскай. Там было ўсё спакойна. Хтосьці з жанчын падаў голас: «Казалі, што ў вёсцы чапаць не будуць, можа пойдзем туды? Тут зловяць, адразу расстраляюць».

Стаяла маўклівая цішыня. Толькі дрэвы, не ведаючы людскога жаху, ва ўвесь голас гаманілі аб чымсьці паміж сабой. Ды яшчэ кукавала зязюля, некаму мерна адлічваючы гады доўгага жыцця.

Думалі, разважалі людзі. Тут застацца – амаль верная смерць, а ў вёсцы жанчын, дзяцей няўжо крануць? I цяпер, расказваючы аб тым часе, Ціт Пракопавіч перапыняецца, не можа гаварыць. Блішчаць слёзы на вачах, штосьці сціскае горла:
– Усё ж адправіў жонку з дзецьмі ў вёску. Думаў, калі згіну, дык адзін. А выйшла вось зусім наадварот.

Махнатыя лапы яліны надзейна схавалі яго ад фашыстаў, калі тыя праходзілі ланцугом.

9 мая. Як зграя галодных ваўкоў, накінуліся гітлераўскія звяры на вёску. Акружылі. Сталі выганяць з хат старых, жанчын, дзяцей. 3 лесу карнікі выводзілі ўсё новыя і новыя групы людзей. Тут былі не толькі бозкаўцы, а таксама і жыхары з навакольных вёсак Лазовага, Палядак, Лагііч, Вязычына. Хутка вялізны хлеў на ўскрайку лесу, дзе раней быў загон для калгасных авечак, каты запоўнілі людзьмі. Праз некаторы час галаварэзы ў чорнай форме са свастыкай на рукавах вывелі адтуль некалькіх хлапчукоў, пасадзілі іх на коней і загадалі весці разам з паліцаямі нарабаваных коней у Лапічы.

Былі сярод тых хлапчукоў сын Ціта Пракопавіча Гоціна Дзмітрый і яго таварыш Сцяпан Чыпілейчык. Так цудам яны засталіся жыць.

Астатнім сказалі, што пасадзяць на машыны і адправяць у Асіповічы. Але вылюдкам веры ўжо не было. Адчуўшы нядобрае. загаласілі жанчыны. Наступіла жудасная ноч. П’яныя карнікі гарлапілі песні.

Яшчэ адзін чалавек стаў сведкам страшэннай трагедыі, якая разыгралася ў вёсцы. Гэта Мікалай Захаравіч Купрэйчык – партызанскі сувязны. Рана, на досвітку, калі яшчэ вёска спала, заехаў да бацькі – Захара Фёдаравіча. Мусіць, старэчае сэрца чула бяду ў той час, таму адразу праводзіў сына з сяла. А калі ўжо вярнуўся Мікалай Захаравіч…

Назаўтра пачаўся дзень расправы. Немы крык стаяў над сялом. У адзін бок адводзілі старых, у другі – жанчын і дзяцей. Недалёка ад дарогі стаяла будоўля Сяргея Іванавіча Кажанца. Па 12 – 18 чалавек заводзілі ў дом і загадвалі класціся на падлогу, затым стралялі з аўтаматаў. 578 чалавек было. Трэба, каб усім было месца… Каты кідалі паверх забітых і раненых пралёты плоту, дошкі і зноў і зноў заганялі людзей…

Захар Фёдаравіч паспеў крыкнуць:
– Звяры! Не было вас на нашай зямлі і не будзе ніколі!

Аўтаматная чарга абарвала яго. Побач у хлеў завялі жанчын з дзецьмі. Забілі дзверы, будынак аблілі бензінам, будоўля ўспыхнула, як сушняк у гарачае лета… Ад’язджаючы, запалілі крайнія хаты…

Дзесьці побач кукавала зязюля. Яе кукаванне было зусім непадобнае да таго, што прарочыла гады даўгалецця. Яна, здавалася, плакала. I гэты жалобны плач звонкім рэхам разносіўся па лесе, расказваючы ўсім аб страшэнным злачынстве фашысцкіх вырадкаў.

Ад чорнага дыму скручваліся маладыя клейкія лісточкі бярозы, толькі пачынаўшай сваё жыццё.
Як толькі апошнія карнікі выехалі за сяло, Мікалай Захаравіч прыбег да месца трагедыі. Наўкол маўклівая цішыня… Толькі агонь, патрэскваючы, у дзікай плясцы скакаў па сценах будоўляў. Выламаў дзверы… Там абгарэлыя людзі… Зайшлося сэрца. Абхапіў рукамі галаву, дзіка закрычаў:
– Хто жывы? Адгукніся!

Hi стогна ў адказ. Пазнаў сына, бацьку…

209 страница

Раптам пачулася страляніна. То вярталіся паліцаі. Схамянуўшыся, Купрэйчык пакрочыў па завулку ў лес.

Крыху пазней прыйшоў сюды Ціт Пракопавіч Гоцін з таварышамі Логвінам Логвінавічам Кажанцом і Піліпам Фёдаравічам Кажанцом, пахавалі ахвяр у брацкай магіле.

(С. Багдановіч  Запаветы Леніна. 1980. 3 ліп.)