Годы обновления и социалистических свершений – online

120 страница

Пасля заканчэння грамадзянскай вайны Замошскі валасны камітэт партыі бальшавікоў, выканком валаснога Савета рабочых і сялянскіх дэпутатаў, партыйныя ячэйкі Асіповіцкага чыгуначнага вузла накіравалі свае намаганні на аднаўленне чыгункі і станцыі. Выконваючы гэту работу, яны кіраваліся пастановай ЦК РКП(б) ад 7 верасня 1921 г. і загадам народнага камісара шляхоў зносін Ф.Э.Дзяржынскага, якімі чыгуначны транспарт быў пастаўлены пад кантроль партыйных і савецкіх органаў. У сувязі з гэтым былі заснаваны пасады камісараў чыгуначных раёнаў і вузлоў.
Камісарам Асіповіцкага чыгуначнага вузла быў прызначаны камуніст Чыкаў. Дзейнічаў асіповіцкі аператыўны пост упраўлення транспартнай надзвычайнай камісіі (УТНК) па барацьбе з контррэвалюцыйнымі праяўленнямі, сабатажам і спекуляцыяй. Выконвалі гэту работу старыя камуністы – начальнік паста І.С.Істомін, аператыўны ўпаўнаважаны І.К.Патоцкі. Начальнікам узброенай варты вузла працаваў М.Л.Мысін.
Пры актыўным удзеле рабочых-чыгуначнікаў за кароткі час былі адноўлены механічныя майстэрні і паравознае дэпо. Камуністы Я. Лагацкі, Л. Шымковіч, В. Гуськоў і іншыя арганізавалі суботнікі па ўпарадкаванні станцыі, нарыхтоўцы і адгрузцы дроў вялікім гарадам.
Па ініцыятыве Рымшы, пры ўдзеле Рубінчыка і Цярэнцьева ў воданапорнай вежы абсталявалі электрастанцыю. З яе пускам каля чвэрці дамоў пасёлка і станцыі было электрыфікавана. (Упершыню электрычнае асвятленне ў Асіповічах з’явілася ў 1917 г., калі прадпрымальнік Нямцоў пабудаваў маленькую электрастанцыю. Яе электраэнергіяй былі асветлены некалькі прыватных дамоў і ўстаноў. У час польскай акупацыі ў 1920 г. яна была зруйнавана.)
1921 год быў багаты на важнейшыя для воласці падзеі. 1-га ліпеня адбыліся першыя выбары ў Замошскі валасны Савет рабочых і сялянскіх дэпутатаў, якому ў адміністрацыйных адносінах падпарадкоўваліся Асіповічы. Адчынілася паштовае аддзяленне (з адным тэлефонам «Эрыксан»), праз які падтрымлівалі сувязь з Бабруйскам, а ў кастрычніку запрацаваў тэлеграф. Арганізавалася пасялковая камсамольская ячэйка. Яе арганізатар і першы сакратар Віктар Воінаў прыцягнуў камсамольцаў у атрад часцей асобага прызначэння (ЧАП), арганізаваў ахову Асіповіч. Адначасова камсамольцы стварылі драматычны гурток, ставілі спектаклі, давалі самадзейныя канцэрты і вялі антырэлігійную прапаганду, удзельнічалі ў выкананні харчразвёрсткі.
Увосень 1921 г. аднавіліся заняткі ў чыгуначнай школе-сямігодцы, была адчынена сямігодка для дзяцей прыстанцыйнага рабочага пасёлка і бліжэйшых вёсак. У ёй пачало навучацца 60 чалавек (у 1922 яе наведвалі 224, а ў 1927 – 373 навучэнцы). У гэтым жа годзе пачалі стварацца культурна-асветныя ўстановы. У памяшканні майстэрань кватэрнай часткі чыгуначнага вузла быў адчынены клуб «Чырвоны Кастрычнік», пры якім арганізавалі драматычны гурток, духавы аркестр і бібліятэку-чытальню.
1 студзеня 1922 г. цэнтр Замошскай воласці быў перанесены ў Асіповічы і воласць пачала называцца Асіповіцкай. Затым яе перайменавалі ў Чычэрынскую. Але хутка гэта назва была адменена. 14 студзеня быў абраны новы склад Асіповіцкага валаснога камітэта КП(б)Б у складзе 9 чалавек: Родзіна, Я.І.Лагацкага, Л.Ф.Блюдава, М.Л.Мысіна, Ш.Л.Кацмана, Целя-Цеслянка, Пятровічава, Шэймана і Міхадзюка. Старшынёй Асіповіцкага валвыканкома быў выбраны камуніст Гарбузаў.
У склад Асіповіцкага валкома партыі ўваходзілі не толькі члены партыі бальшавікоў, але і члены яўрэйскага рабочага саюза (Бунд). У кіраўніцтве воласцю, а пазней і раёнам утварылася двухпартыйнасць, якая існавала да 1924 г.

121 страница

У сувязі з ад’ездам сакратара валкома Родзіна на вучобу ў партыйную школу быў давыбраны склад валкома, у які ўвайшлі: Я.І.Лагацкі – адказны сакратар, Д.Абакшонак – намеснік адказнага сакратара і адказны за кіраўніцтва камсамольскай арганізацыяй, Ш.Л.Кацман – адказны сакратар яўрэйскай секцыі валкома, членамі валкома начальнік атрада ЧАП Ляўкоў і Калітаеў.
У карыстанне валвыканкома быў перададзены адноўлены пасля пажару ў 1920 г. лесапільны завод, які раней належаў купцу Янкелю Рыўкіну. На ім дзейнічалі рухавік у 65 конскіх сіл, 2 піларамы, цыркулярная піла. Пры заводзе меліся млын-крупадзёрка і сукнавальны цэх. На заводзе распілоўвалася ў год 5574 м3 драўніны, размолвалася 1106 т збожжа і выраблялася 1728 м сукна. На яго вытворчасці было занята 37 рабочых. Прадукцыя, вырабляемая гэтым і іншымі прадпрыемствамі, спажывалася не толькі ў воласці, але вывозілася за яе межы.
У гэтым жа годзе пасялковая камсамольская ячэйка ператворана ў Асіповіцкую валасную камсамольскую арганізацыю на чале з сакратаром Віктарам Воінавым, якога хутка змяніў Аляксандр Шпак.
У Асіповіцкі камітэт КП(б)Б пачалі паступаць звесткі аб дзейнасці падпольнай сіянісцкай арганізацыі. 25 жніўня 1922 г. на пасяджэнні камітэта партыі па гэтым пытанні быў заслуханы даклад адказнага сакратара яўрэйскай секцыі Ш.Л.Кацмана. У працэсе абмеркавання высветлілася, што ў Асіповічах падпольна працуе яўрэйская сіянісцкая арганізацыя, яе прыкрыццём з’яўляецца яўрэйскі драматычны гурток, які рэгулярна ставіць платныя спектаклі ў клубе і іншых месцах, а атрыманыя грошы накіроўвае ў Мінск, у яўрэйскі нацыянальны фонд, адтуль жа атрымлівае ўказанні і літаратуру, аб чым ведаюць у Асіповічах.

Пастановай валаснога камітэта КП(б)Б было даручана І.К.Патоцкаму і Л.М.Мысіну ліквідаваць яўрэйскі драмгурток і папярэдзіць аб роспуску сіянісцкай арганізацыі. Хутка пасля гэтай падзеі Ш.Л.Кацман, Н.Шуб і некаторыя іншыя яўрэі выйшлі з Бунда і ўступілі ў члены КП(б)Б.

Да канца 1922 г. актывізавалася дзейнасць ячэйкі прафсаюза работнікаў чыгуначнага транспарту, якую ўзначалілі Д.Абакшонак, Я.Н.Удзельнік, Э.Кацман, Ф.Капцееў, І.А.Сямашка, В.Вараб’ёў. На чыгуначным вузле ў гэты час налічвалася 370 членаў прафсаюза. Яны праводзілі работу па паляпшэнні ўмоў працы, рабочага забеспячэння і быту. Паток грузаперавозак праз Асіповічы да гэтага часу значна павялічыўся. Толькі за жнівень 1922 г. было адпраўлена грузаў малой хуткасцю 30 922 пуды, багажу 470, прынята грузаў малой хуткасцю 178 200 і багажу 534 пуды.

122 страница


За паўгода было адрамантавана 660 вагонаў і 58 паравозаў. 1923 г. стаў пераломным у тэхнічным абсталяванні Асіповіцкага чыгуначнага вузла і арганізацыі яго работы. Старыя паравозы былі заменены новымі чатырохвосевымі, што дало магчымасць павялічыць вагу паяздоў. Палепшылася рамонтная база: у паравозным дэпо былі зманціраваны новыя станкі, абсталяваны майстэрні, дыстанцыі пуці. У рабочым пасёлку дзейнічаў шэраг лесанарыхтоўчых дзяржаўных арганізацый, працавала таксама некалькі прыватных прадпрыемстваў і майстэрань.
Паступова наладжваўся гандаль. У 1-й палове 1923 г. у Асіповічах мелася 58 магазінаў і крам. З магазінаў усяго 1 быў дзяржаўны і 2 кааператыўнага гандлю, астатнія – прыватныя.
Адначасова з вырашэннем гаспадарчых задач кіраўніцтва воласці надавала ўвагу барацьбе з неадукаванасцю, развіццю культурнай работы. У 1923 г. у Асіповічах дзейнічалі 3 школы. Была адкрыта бібліятэка. У клубе чыгуначнікаў «Чырвоны Кастрычнік» пачалася дэманстрацыя кінафільмаў. Узнікла піянерская арганізацыя.
У 1924 г. у БССР была праведзена перабудова адміністрацыйнага падзелу. Замест паветаў былі ўтвораны акругі і раёны, у тым ліку Бабруйская акруга з шэрагам раёнаў. 17.07.1924 г. шляхам аб’яднання Асіповіцкай воласці, частак Гарадоцкай, Гарбацэвіцкай і Жыцінскай валасцей Бабруйскага павета

123 страница

Кнорынскай і Пагарэльскай валасцей Ігуменскага павета быў утвораны Асіповіцкі раён з цэнтрам у Асіповічах, якім быў нададзены статус мястэчка. Раён увайшоў у склад Бабруйскай акругі.

Райцэнтр стаў хутка развівацца. У вагавым цэху шпалапрапітнага завода, дэманціраванага палякамі, і ў паравозным дэпо былі абсталяваны электрастанцыі з дызельнымі рухавікамі. Гэта дазволіла забяспечыць электраэнергіяй чыгуначны вузел, асвятліць установы, кватэры рабочых і служачых. У Асіповічах было арганізавана крэдытна-прамысловае таварыства, якое садзейнічала стварэнню саматужных прамысловых арцеляў і аказвала дапамогу саматужнікам-адзіночкам. Былі створаны 4 арцелі: «Чырвоны хімік», «Перадавік», «Звязда» і «Прагрэс», а таксама шэраг саматужна-рамесных майстэрань, якія выраблялі кавальскія, шорныя, бандарныя і іншыя прадметы і прылады гаспадарчага прызначэння.
У пачатку 1920-х гадоў Асіповіцкі раён быў падзелены на 8 сельскіх Саветаў: Верайцоўскі, Дзераўцоўскі, Замошскі, Зборскі, Лапіцкі, Ліпеньскі, Асіповіцкі, Ясенскі, якія аб’ядналі 201 населены пункт і 2 мястэчкі – Асіповічы (2433 жыхары) і Лапічы (680 жыхароў). У раёне дзейнічала 7 прадпрыемстваў, працавалі на іх больш за 40 рабочых. Трыма прадпрыемствамі валодалі арцелі прамкааперацыі, а 4 знаходзіліся ў руках прыватных прадпрымальнікаў. Вытворчасць уяўлялі сабой млыны з крупадзёркамі. У кожным прадпрыемстве былі цыркулярныя пілы для пілавання драўніны і сукнавальныя цэхі. Дзейнічалі 2 смалакурні прамкааперацыі з нізкай прадукцыйнасцю. У гэты ж перыяд у раёне працавалі 236 саматужнікаў і рамеснікаў, з якіх займаліся пашывам абутку 62, кавальскім рамяством – 62, цяслярным – 23, кушнерскім -11, вобадна-колавым – 6, шорным – 4, пашывам шапак – 5 чалавек. 83 чалавекі займаліся іншымі промысламі.
Асноўнай сыравіннай базай мясцовай прамысловасці і прамкааперацыі быў лес. Асіповіцкі леспрамгас меў 7 лесанарыхтоўчых пунктаў, якія выпрацоўвалі вялікі асартымент лесапрадукцыі, напрыклад сыравіну для клеенай і струганай фанеры і вытворчасці запалак, розных піламатэрыялаў, спецыяльныя калоды для самалёта і суднабудавання, вырабу лыж, музычных інструментаў, тэлефонных слупоў і вялікую колькасць руднічных стоек.
Заданні леспрамгаса па лесавывазе дасягалі 500 тыс. кубаметраў у год.

У пачатку 1920-х гадоў з агульных 95 тыс. дзесяцін зямельных угоддзяў раёна ў сельскай гаспадарцы выкарыстоўвалася 32 тыс., пад лясамі знаходзілася 46 тыс., пад балотамі і няўдобіцамі — 17 гыс. дзесяцін. Лепшыя глебы па раёне цягнуліся паласою па левым беразе р. Свіслач (Лапіцкі і Зборскі сельсаветы), захопліваючы таксама частку тэрыторый Карытненскага і Ясенскага сельсаветаў.

Асноўнай сістэмай землекарыстання ў той час было трохполле. Іншы раз яно змянялася двухполлем (беспапарныя палегкі і зяблевае ворыва). Апрацоўка зямлі вялася простымі прыладамі працы: коннымі плугамі, сохамі і баронамі.

124 страница


З сельскагаспадарчых культур пераважалі азімае жыта, бульба, ячмень, авёс, грэчка, лён, азімая пшаніца, яравыя жыта і пшаніца, проса і каноплі.

У сярэдзіне 1920-х гадоў лепшая ўраджайнасць была на палях Лапіцкага, Зборскага, Карытненскага і Ясенскага сельсаветаў. У сярэднім дзесяціна бульбы давала 96-112 ц, жыта 6,4-8, аўса 8-9,6 ц. Пачалі часцей ужывацца дасягненні агранамічнай навукі, пашырыліся пасевы палявых траў.

Жывёлагадоўля развівалася слаба. Буйной рагатай жывёлы змешаных малапрадукцыйных парод налічвалася 10832 галавы. Толькі некаторыя гаспадаркі мелі кароў элітных парод.

Свінагадоўляй займалася кожная сялянская гаспадарка, але свінні былі беспародныя і гадаваліся толькі для прыватных патрэб. Амаль кожная гаспадарка мела авечак. Мелася каля 5 тыс. коней, таму і прыватныя
гаспадаркі сялян, і калгасы былі поўнасцю забяспечаны цяглавой сілай.

У 1925 г. пашырылася сетка медыцынскіх устаноў. У мястэчку адкрыліся бальніца на 15 ложкаў, амбулаторыя і стаматалагічны кабінет, дзе працавалі 2 урачы, 3 фельчары, 2 акушэркі. Чыгуначны вузел меў сваю амбулагорыю, прыём хворых у якой вялі 2 урачы і 3 фельчары.

Да канца 1926 г. з мясцовай прамысловасці быў канчаткова выцеснены прыватнік. Смалакурны завод Айзіковіча адышоў да арцелі прамкааперацыі «Чырвоны хімік». Шырока разгарнуліся лесана-рыхтоўчыя работы леспрамгаса, сельскагаспадарчага інстытута і Палесзапалкапрама. У мястэчку ў гэты час працавалі больш за 70 кааператыўных саматужнікаў, дзейнічала вялікая вобадная майстэрня. Пануючае становішча заняла кааперацыя ў гандлі, на яе прыпадала 68% усяго тавараабароту. У прамысловай кааперацыі і гандлі ўкаранялася метрычная сістэма мер і вагі, практыкавалася ўцэнка нехадавых вырабаў, продаж тавараў па заяўках пакупнікоў і ў крэдыт. Аўтарытэт дзяржаўнага і кааператыўнага гандлю падымаўся ўсімі шляхамі.

У адпаведнасці з пастановай ЦВК БССР аб увядзенні ўсеагульнага абавязковага навучання, Асіповіцкая сямігадовая школа была пераўтворана ў сярэднюю і пераведзена ў больш прасторныя дамы, рэквізаваныя ў купца Рыўкіна.

На пачатак 1926 г. у Асіповічах акрамя 2 агульнаадукацыйных школ, якія тут меліся, пачалі працаваць 2-я яўрэйская і польская школы, школа рабочай моладзі, у якой навучаліся 85 рабочых. Быў праведзены ўлік неадукаванага насельніцтва ва ўзросце ад 16 да 50 гадоў і арганізавана таварыства «Прэч непісьменнасць». У гэты ж час утварылася раённае таварыства краязнаўства, якое ўзначальваў завуч чыгуначнай школы А.Г.Немцаў. Члены таварыства вывучалі прыроду, адшуквалі археалагічныя помнікі і даследавалі іх, збіралі мясцовы фальклор.

125 страница

Члены таварыства рабілі даклады перад насельніцтвам і праводзілі асветную работу. У 1928 г. Цэнтральнае бюро краязнаўства Інстытута беларускай культуры выдала працу «Асіповіцкі раён», падрыхтаваную А.Немцавым і М.Азбукіным. Таварыства праіснавала да 1938 г. У час масавых палітычных рэпрэсій у краіне А.Г.Немцаў быў рэпрэсіраваны, дзейнасць таварыства спынілася.

Першы Народны дом мясціўся ў прыстасаваным для работы пажарным хляве. Аднак за правядзенне ў ім антырэлігійнай прапаганды жыхары яго спалілі. Раённы і местачковы Саветы ўзбудзілі хадайніцтва перад Бабруйскім акрвыканкомам аб выдзяленні сродкаў на будаўніцтва новага Народнага дома. Неабходныя сродкі былі выдзелены, і Народны дом быў пабудаваны. У 1927 г. клуб чыгуначнікаў «Чырвоны Кастрычнік» атрымаў пераабсталяваны для яго будынак былога шпалапрапітнага завода з залай на 300 месцаў. Штат клуба быў павялічаны на 5 чалавек. У новым будынку разгарнулі працу гурткі, у якіх займаліся каля 80 чалавек.

У 1929 г. у Асіповіцкім раёне было 14 сельскіх і адзін пасялковы Савет, якія аб’ядноўвалі 52060 чалавек. Паводле нацыянальнага складу ў раёне пражывалі: беларусаў 42552, рускіх 1247, яўрэяў 4655, палякаў 2875, іншых нацыянальнасцей 731 чалавек.

126 страница

Паводле сацыяльнага стану: рабочых 2770, калгаснікаў 14944, саматужнікаў 634, служачых 1234, беднякоў 2745, сераднякоў 21149, кулакоў і заможных 2232, іншых  6349 чалавек.

У савецкай краіне ў гэты час праводзілася калектывізацыя. У раёне было аб’яднана 2830 бядняцкіх і серадняцкіх сялянскіх гаспадарак у 116 калгасаў (ці 44,2% ад агульнай колькасці сялянскіх гаспадарак раёна).

127 страница

Меўся 1 саўгас. Былі заснаваны 2 машынна-конныя станцыі для аказання дапамогі калгасам па апрацоўцы зямлі. На пачатак 1940 г. было праведзена ўзбуйненне калгасаў. Вясковае насельніцтва павялічылася і склала – 53470 жыхароў, а гарадское (мястэчка Асіповічы, шклозавод «Кастрычнік», торфапрадпрыемствы «Татарка» і «Свабода») 18135 чалавек. Гады 1-й пяцігодкі адзначыліся значным пашырэннем станцыі Асіповічы і чыгуначнага вузла ў сувязі з будаўніцтвам чыгункі Рослаўль – Магілёў – Асіповічы. Яе будаўнінтва пачалося ў 1928 г. і было скончана ў 1931 г. Было распачата будаўніцтва 2-га пуці на Слуцк, пабудаваны матэрыяльныя склады, дом кандуктарскіх брыгад і іншыя службовыя памяшканні, узведзены мураваныя двухпавярховыя, трохпавярховыя жылыя дамы і лазня. Для забеспячэння вадой паравозаў на р. Свіслач была пабудавана вадакачка і вадавод да станцыі працягласцю 6 км. Аддзелам рабочага забеспячэння чыгункі былі адкрыты 2 сталовыя для харчавання рабочых і служачых чыгуначнага вузла.
Прамысловасць мястэчка папоўнілася ўступіўшым у строй прамкамбінатам. Значна пашырыў сваю вытворчасць леспрамгас.
У 1931 г. у Асіповічах пачала выходзіць раённая газета «Калгасная праца». Першы яе нумар пабачыў свет 10 ліпеня.
У 1935 г. станцыя Асіповічы і паравознае дэпо перавыканалі план па перавозцы грузаў. Ударнікі і наватары прамысловасці, паслядоўнікі крываносаўскага руху

128 страница


асвоіўшы новую тэхніку, перавыканалі норму рамонту рухомага саставу. За высокія паказчыкі былі ўзнагароджаны ордэнам Леніна машыніст Лявонцій Фоціевіч Байкачоў, знакам «Ганаровы чыгуначнік» Аляк-
сей Карпавіч Курчэўскі, Міхаіл Андрэевіч Немагай і інш.

Развіваліся сродкі сувязі мястэчка. Пачалася пракладка кабельных тэлефонных ліній. У новым памяшканні быў зманціраваны радыёвузел, пашырылася сетка трансляцыйных кропак.

15.07.1935 г., у сувязі з ростам мястэчка, развіццём чыгуначнага вузла, ростам насельніцтва, Асіповічы атрымалі статус горада раённага падпарадкавання.

Будаваліся аўтамабільныя дарогі. У 1935 г. у Асіповічах быў утвораны

129 страница

будаўнічы эксплуатацыйны ўчастак, які пачаў будаўніцтва шашы Асіповічы – Бабоўня працягласцю 90 км. Умацоўвалася матэрыяльна-тэхнічная база прамысловых прадпрыемстваў. Леспрамгас у 1934 г. для тэхнічнага абсталявання вытворчасці атрымаў першыя аўтамашыны-самазвалы, пачаў ужываць механізаваную пагрузку драўніны. На лесаўчастках пачалі будавацца невялікія лесапільныя заводы. Леспрамгас быў асноўным пастаўшчыком паліва для Мінска.

У 2-й пяцігодцы ў Асіповічах былі пабудаваны 2 сярэднія школы. На вуліцы Ленінскай адкрыўся дзіцячы садок для дзяцей чыгуначнікаў. У 1937 г. пачалося будаўніцтва раённай бальніцы на 75 ложкаў. Былі пабудаваны гарадская лазня на 60 месцаў на вуліцы Кастрычніцкай і крыты рынак.

2-я палова 1930-х гадоў у гісторыі савецкай краіны азнаменавана не толькі ростам працоўнай і творчай актыўнасці мас і дасягненнямі першых пяцігодак. На вялікі жаль, гэта быў час, азмрочаны развіццём культу асобы Сталіна, які прывёў да разгулу самавольства і беззаконня. Шпіёнаманія, усеагульная падазронасць у «шкодніцтве» і ў арганізацыі контррэвалюцыйнай дзейнасці, якія прыкрываліся ўзмацненнем «палітычнай пільнасці» і «выкарчоўваннем ворагаў народу», ахапілі і раён. У Асіповічах многія былі арыштаваны. Начальнік Асіповіцкага РА НКУС Кісялёў і оперупаўнаважаны Галіноўскі пры ўдзеле начальніка 3-га аддзела НКУС БССР Генштэйна дапускалі фальсіфікацыю крымінальных спраў, інкрымінавалі некаторым арыштаваным прыналежнасць да польскай арганізацыі вайсковай «ПАВ», якой у Беларусі не існавала. (Генштэйн, Кісялёў і Галіноўскі за свае злачынствы пазней былі асуджаны.)

Пасля развенчвання культу асобы Сталіна справы на асуджаных да расстрэлу і зняволеных на розны час былі перагледжаны транспартнай калегіяй Вярхоўнага суда СССР, Ваенным трыбуналам Беларускай ваеннай акругі, судовай калегіяй па крымінальных справах Вярхоўнага суда БССР, а некаторыя судом Магілёўскай вобласці.

На канец 1939 г. была скончана ўкладка 2-й каляі чыгункі Асіповічы – Бабруйск, а таксама скончана будаўніцтва шашы Асіповічы – Бабоўня. Як і ў мінулыя пяцігодкі, лідэрамі ў выкананні вытворчых заданняў былі чыгуначнікі. Яны на працягу 1939-1940 гг. поўнасцю забяспечвалі перавозку ўзросшай колькасці народнагаспадарчых грузаў. За ўдарную працу машыніст Аляксей Аляксандравіч Райкевіч і слесар-брыгадзір па рамонце паравозаў Уладзімір Еўдакімавіч Валько ў гэтыя гады былі ўзнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, медалём «За працоўную адзнаку» машыніст Іван Герасімавіч Селіванаў

130 страница

знакам «Ганаровы чыгуначнік» машыністы Пётр Кірэевіч Гайсенка, Дзям’ян Сцяпанавіч Кучын, шматлікія пуцейцы, вагоннікі і рабочыя.

На пачатак 1941 г. у Асіповічах працавала 12 прадпрыемстваў, у тым ліку паравознае дэпо, вагонарамонтны пункт, машынна-трактарная майстэрня, леспрамгас і прамкамбінат, арцель «Чырвоны хімік», майстэрня па рамонце сродкаў сувязі і рамонце тэлефонаў і сродкаў кіравання чыгункі, абутковая арцель «Звязда», кравецкая «Прагрэс», завод маслапрама, харчовая арцель «Перадавік». На ўсіх гэтых прадпрыемствах было занята каля 2000 рабочых і служачых.

Рост эканомікі райцэнтра і раёна дазволіў выдзеліць значныя сродкі на развіццё культуры і ахову здароўя. У 1939 г. па вуліцы Заводскай (цяпер вул. Сумчанкі) быў пабудаваны новы двухпавярховы будынак сярэдняй школы на 600 месцаў (пасля вайны школа № 1 імя Героя Савецкага Саюза  Б.М.Дзмітрыева). У 1940 г. скончылася ўзвядзенне будынка раённай бальніцы, пры ёй быў створаны пункт хуткай дапамогі. У сярэдзіне 1941 г. працавалі паліклініка, дзіцячая кансультацыя, радзільны дом, чыгуначная амбулаторыя, процітуберкулёзны дыспансер. Пашырылася гандлёвая сетка. Асіповіцкі райспажыўсаюз і філіял Бабруйскага харчпрамгандлю на канец 1940 г. мелі ў горадзе 51 гандлёвую кропку і 1 сталовую. Акрамя гэтага, працаваў шэраг магазінаў і 3 сталовыя іншых гандлёвых арганізацый.

На пачатак 1941 г. у Асіповічах жылі каля 13 тыс. чалавек. З 1918 г. па 1941 г. у горадзе быў пабудаваны 961 будынак агульнай плошчай 59 тыс. м2, у тым ліку жылой – 31 тыс. м2.

Інтэнсіўна праводзіліся работы па добраўпарадкаванні горада: брукаванне праезнай часткі вуліц, будаўніцтва тратуараў, азеляненне.

Поспехі прыносілі радасць жыхарам Асіповіч і раёна, надавалі сілы на новыя працоўныя дасягненні.

У.П.Зорын.