Строка в биографию поэта

657 страница

Радок у біяграфію паэта

Ці трэба паўтараць, якім нялітасцівым да Максіма Багдановіча быў яго лёс? Невылечная хвароба, заняткі юрыспрудэнцыяй, да якой не ляжалі ні сэрца, ні розум, бытавая неўладкаванасць з яе абыякава-паўсядзённым настроем нешта змяніць, палепшыць, бо, усё роўна, лепш не будзе… Але, бадай, самым балючым і пакутлівым для Багдановіча было расстанне з радзімай, бацькаўшчынай. Той, хто быў беларусам, не проста па паходжанні, але па самасвядомасці, самавыяўленні, мусіў трызніць аб ёй, як аб збавенні. Найдаражэйшае і наймілейшае ў яго жыцці існавала па-за часам і па-за прасторай.

I зусім не дзіўна, што сёння кожная мясціна на Беларусі, так ці інакш звязаная з імем Багдановіча, спавіта з пачуццём высокага смутку і асаблівай замілаванасці. Іх у нас небагата. Гэта Мінск з яго Траецкім прадмесцем, вуліцай Талстога і былой Захар’еўскай (цяпер Савецкая), прывакзальныя мясціны Гародні і, нарэшце, Ракуцёўшчына, дзе чэрпаў паэт поўнымі жменямі «з глыбінь жыватворных народнага духу». Прычым свядомага, асэнсаванага часу «беларускага быцця» было толькі 6 месяцаў: 2 на Маладзечаншчыне і 4 у Мінску пасля пераезду з Яраслаўля.

Колькі часу таму пералік багдановічаўскіх мясцін на Беларусі быў бы поўны. Сёння ў ім не хапае ўжо адной назвы: вёскі Вяззе Асіповіцкага раёна Магілёўскай вобласці.

Сенсацыя? Не. Усяго толькі ўдакладненне біяграфічных звестак.

Іронія лёсу. Некалі бацька Максіма – Адам Ягоравіч – пісаў, што па злой недарэчнасці не сыну выпала пісаць успаміны пра бацьку, а яму – пра сына.

Тое ж самае і з архівам бацькі і сына. Як вядома, архіў Максіма Багдановіча без следу знік у гады Вялікай Айчыннай вайны. Паперы ж Адама Ягоравіча захаваліся і знаходзяцца ў Інстытуце літаратуры імя Я.Купалы Нацыянальнай АН Беларусі. Якраз яны і навялі на нязначны дагэтуль след Максіма.

Сярод іншых матэрыялаў архіва А.Я.Багдановіча – 12 лістоў Марыі Апанасаўны Багдановіч (маці Максіма) да мужа ў Гародню, якія пазначаны наступным зваротным адрасам: Лібава-Роменская чыгунка, станцыя Асіповічы, маёнтак Вяззе, Секяржыцкаму Францу Антонавічу (для М.А.Б)». Першы ліст датуецца 31 сакавіка 1895 года, апошні – 29 ліпеня таго ж года. Малавядомае прозвішча Секяржыцкага, відаць, і ўвяло ў падман даследчыкаў жыццёвага шляху Максіма Багдановіча, бо да гэтага часу лісты гэтыя былі па-за іх увагай. Хоць, на першы погляд, яны маюць як быццам бы вельмі прыватны характар, але вартыя самага дэталёвага прачытання.

I вось чаму. Родная сястра маці Максіма Багдановіча – Сцепаніда Апанасаўна –была замужам за Ф.А.Секяржыцкім. Свайму швагру А.Я.Багдановіч памог атрымаць месца аб’ездчыка ў Вяззеўскім лясніцтве, якое належала Мікалаю Радзівілу.

658 страница

I вось вясной 1895 года сюды, у Вяззе, разам са сваімі трыма сынамі прыязджае Марыя Апанасаўна Багдановіч. Большаму, Вадзіму, было 5 гадоў, Максіму ішоў чацвёрты, а Лёву не было яшчэ і 1 года. Калі меркаваць па пісьмах, усе чацвёра пражылі тут каля чатырох месяцаў.

Жыццё ў Вяззі было цікавае і разнастайнае. Побач рэчка, лес, поле, непадалёку маёнтак пана Янкоўскага, які арандаваў зямлю ў Мікалая Радзівіла. «Вчера водила детей на мельницу», – піша мужу ў адным з лістоў Марыя Апанасаўна. А млыноў у Вяззі было аж 2: адзін – «панскі», для гаспадарчых патрэб маёнтка, другі – працаваў на вёску.

Лісты Марыі Апанасаўны данеслі да нас яшчэ адну надзвычай каштоўную інфармацыю пра знаходжанне будучага паэта ў Вяззі. Без гэтага факта сувязь «Максім Багдановіч – Вяззе» не была б сёння такой глыбіннай і значнай.

Як вядома, моўная стыхія, у якой выхоўваўся Максім Багдановіч, была ў аснове сваёй рускай. Нягледзячы на тое, што бацькі паэта былі беларусамі і на той час людзьмі адукаванымі і высокакультурнымі, родная мова так і не стала для іх размоўнай. Прычынай гэтаму паслужылі, відаць, і тэндэнцыйныя адносіны да беларускай мовы, і асяроддзе (лекары, вайскоўцы, настаўнікі), у якім знаходзіліся Багдановічы. Таму зусім не дзіўна, што ў лісце ад 29 мая 1895 года Марыя Апа-насаўна з занепакоенасцю піша пра сваіх дзяцей: «Вот только плохо, что стали говорить по-белорусски и иногда такое словечко выпалят, что хоть сквозь землю провались».

Калі раней у Гародні і яе ваколіцах маленькі Максім мог чуць беларускую мову выпадкова, час ад часу, то тут, у Вяззі, ён поўнасцю акунуўся ў стыхію роднай мовы.

Думаецца, што якраз тут, у Вяззі, сам-насам з прыродай, у акружэнні простага люду і запала ў сэрца Максіма Багдановіча беларускае слова. Хай сабе неўсвядомлена, паміж іншым. Але праз колькі год яно прарасце ў ім, прарасце магутным коласам сапраўднай паэзіі. Чатыры месяцы быцця ў чароўным палоне матчынай мовы, калі бачылася шматфарбна, чулася востра, а думалася лёгка і вольна, бясследна не знікнуць: яны назаўсёды адкладуцца ў памяці.

Так, неміласэрным быў лес да Максіма Багдановіча. Але таму, відаць, і сплаціў яму Час сваёй поўнай мерай, аддаў належнае яго таленту.

Мясцовыя доўгажыхары – Герасімчык Алена Барысаўна, Андрыевіч Пётр Дзмітрыевіч, Трыбушэўскі Піліп Барысавіч (жыве ў Мінску) – добра памятаюць, як у Вяззі задоўга да рэвалюцыі жыў пан Секяржыцкі, што служыў у Радзівілаў аб’ездчыкам. (Зразумела, ніякі гэта быў не пан, але для вясковага жыхара тых часоў «пан» і «аб’ездчык» паняцці амаль што ідэнтычныя). Паказвалі яны і дом, у якім

659 страница

жыў Секяржыцкі са сваёй сям’ёй. Будынак гэты добра захаваўся, бо недзе ў 1940-я гады яго перасыпалі, каб размясціць у ім школу (старая, што месцілася ў панскім маёнтку, згарэла ў час вайны). Перабудавалі на тым самым месцы, з тых самых бярвенняў. Толькі ўваход зрабілі з другога боку. А як напамінак аб старым – дзве ліпы, якія раслі абапал ганка. Зараз ім гадоў пад 120, калі не больш, а трэцяй (яна крышку ўбаку) – дык і ўсе 200.

Мяркуючы па ўсім, якраз у гэтым доме і спынялася Марыя Апанасаўна з дзецьмі, бо іншых будынкаў, акрамя гаспадарчых, Секяржыцкія не мелі.

Вядома ж, такой «падзеі», як прыезд сястры да жонкі аб’ездчыка Секяр-жыцкага, ніхто з доўгажыхароў не помніць. У віры летніх клопатаў селяніна пра гаспадарку, хай сабе і ў такім невялікім маёнтку, як Вяззе, факт гэты забыўся. Затое амаль кожны з больш-менш сталых жыхароў вёскі можа паказаць сёння безгалосых сведак знаходжання будучага паэта ў Вяззі. Гэта дрэвы, якія помняць маленькага Максіма, – пара клёнаў, што засталіся ад панскай алеі, а таксама тры яблыні на ўскрайку калгаснага саду.