Трагедия деревни Брицаловичи

Брыцалавічы размяшчаецца сярод лясоў за 20 кіламетраў на паўднёвы захад ад Асіповіч.

У гады нямецка-фашысцкай акупацыі яе жыхары аказвалі ўсебаковую падтрымку партызанам. Партызанскі атрад № 211 імя К.К.Ракасоўскага пад камандаваннем жыхара гэтай вёскі Р.Н.Баразны размяшчаўся ў сумежных з вёскай лясах і ў сваім складзе меў многіх з яе жыхароў.

Гітлераўцы вырашылі разграміць атрад і знішчыць в. Брыцалавічы як яго апорны пункт. За некалькі дзён да прыходу карнікаў у вёсцы быў размешчаны невялікі гарнізон акупантаў. Каб усыпіць пільнасць жыхароў, нямецкія прапагандысты вялі гутаркі з імі, пераконвалі адмовіцца ад падтрымкі партызан, а апошніх заклікалі скласці зброю і пераходзіць на бок нямецкіх улад, абяцаўшы ўсім работу і мірнае жыццё.

Але ў студзені 1943 г. да занесенай снегам вёскі непрыкметна падышоў вялікі атрад эсэсаўцаў і паліцаяў. Яны сабралі мужчын, сем’і партызан і расстралялі іх у адным з хлявоў.

На другі дзень карнікі здзейснілі няўдалы налёт на партызанскі атрад, пасля вярнуліся ў вёску і працягвалі свае злачынныя дзеянні. Усіх жыхароў, уключаючы старых і дзяцей, яны сагналі ў адзін хлеў і падпалілі яго.

Усяго было расстраляна і спалена жывымі 667 чалавек. Карнікі забралі ўсю жывёлу, а саму вёску спалілі поўнасцю. Толькі адзінкам удалося выратавацца ад пакутнай смерці.

У пасляваенны час Брыцалавічы аднавіліся. Яе жыхары свята захоўваюць памяць аб сваіх загінуўшых аднавяскоўцах.