678 страница
Вяселле ў Асіповіцкім раёне
Шлюбны працэс складаецца з чатырох галоўных момантаў: 1) барыш, 2) запоіны, 3) змовіны, 4) вяселле. Самы вялікі з іх – вяселле, якое распадаецца на некалькі частак: а) благаславенства, б) вянец, в) «госцікі» – сваты ў маладой, г) каравай у маладой, д) прыданыя (пасаг), е) каравай у маладога.
За 2-3 месяцы да вяселля сваты з маладым ідуць для перамоў да бацькоў маладой і ў выпадку згоды заядаюць і п’юць гарэлку, якую прыносіць з сабою малады. Гэта можа быць і за паўгода да вяселля. Утвораны акт называюць «запілі барышы» – высваталі дзеўку. Гутарка паміж гасцямі і гаспадарамі носіць жартоўна-дзелавы характар; песень звычайна тутака не спяваюць.
«Заповіны» бываюць не раней, чымся за два тыдні да вяселля. Гэта ўжо ёсць больш складаны акт. Малады разам з сватам прыходзіць да маладой і, калі ў іх ідзе ўсё згодна, склікае (на гэтую справу) сваякоў, а часам добра знаёмых суседзяў і суседак. Гарэлка іграе і тут значкую ролю, і наогул без яе не абыходзіцца ніводнае болыш-менш важнае з’явішча.
«Змовіны» бываюць за тры дні да вяселля. Разам са сватам малады прыходзіць да маладой пагутарыць. Гутарка носіць больш дзелавы характар, чымся раней.
Напярэдадні вяселля ўвечары па просьбе маладой да яе прыходзяць яе таварышкі, якія дапамагаюць у падрыхтоўцы да вяселля. Увечары прыязджаюць музыкі адкуль-небудзь з бліжэйшых вёсак, іх павінен наймаць малады. У болышасці музык бывае два: гарманіст і цымбаліст. Часам да іх далучаецца скрьшка і барабан – гэта ўжо ў багацейшых, бо музыкі бяруць дорага: за вяселле 8-10 рублёў.
Увечары ў маладой адбываецца маленькая вечарынка – «паненскі вечар», на якой закускі не бывае; яна (вечарынка) абмяжоўваецца толькі скокамі. Старых скокаў ужо не назіраецца; у вёску прапаўзлі ўжо з горада новыя танцы, назва якіх тутака абрабляецца па-свойму: «ду-стэп», «вянгерка», «сыбота» і інш. Праўда, калі ідуць у скокі старыя падвыпіўшыя бабкі, то яны звычайна скачуць «лявоніху».
У дзень вяселля ў маладога зранку зборы. Ужо ў 9-10 гадзін збіраецца народ; сярод гасцей – «шафяры». У іх ідзе гутарка з сваякамі маладога; народу збіраецца ўсё больш і больш, у хаце цесна; спяваюць песні:
Вой, на дварэ ельнік-бярэзнік паслаўся,
Малады Гараська ў дарогу сабраўся.
Яго татачка у варот стаіць, не вяліць:
- Не едзь, не едзь, мой сыночак, – шляхота!
Ды ты свае конікі патопіш,
Ды ты свае дарагія шубы памочыш!
- Вой, што ж табе, татачка, да мяне?
У майго цёсця зялён явар на дварэ:
Пад яварам дарагія коні напасу,
На явары дарагія шубы пасушу!
- Едзь, едзь, Гараська, не станавіся,
Пад вішанькай спаць не лажыся.
Ужэ ж твая патрава да пылам прыпала?
Ужэ ж твая Марылька да другому стала?
- Я сваю патраву да панакрываю,
Я сваю Марыльку між дзевак пазнаю:
У мае Марылькі па плечках коскі,
Па плечках коскі, пад вачыма слёзкі.
Па плечках коскі да парасцілаліся,
Пад вачыма слёзкі да паразліваліся,
Па плечках коскі, як лён-бяленькі,
Пад вачыма слёзкі, як мак драбненькі.
- Едзь, Гараська, не стой, не стой, –
У цябе конічак не свой, не свой,
Дарога караністая, Марылька ганарыстая!
- Я дарогу раўніць буду,
Марыльку наравіць буду.
Дарога параўнілася –
Марылька знаравілася.
Развіўся раёчак
Па край новых да вароцічак,
Хоча ён да паляцеці
У шчырыя бары,
На салодкія мяды,
На жоўтыя саты.
Сабраўся Гараська,
Са сваею да радзінаю
Хоча ён паехаці,
Цесця зваяваці,
Сабе Марыльку ўзяці.
Яго татачка ходзіць
Да Гараську просіць:
- Гараська, сыночак,
Не ваюйся вайною,
Прасі цесця просьбаю,
Просьбаю – не грозьбаю,
Ціхімі да паходамі,
Нізкімі да паклонамі.
679 страница
На стале стаіць закуска: каўбасы, сала, блінчыкі, пячэнне свайго вырабу і гарэлка. Пасля закускі – скокі; на прасторы 16-20 кв. арш. кружацца 8-10 пар; увесь час размовы гасцей. У гэты час малады запрагае каня, каб ехаць да маладой, а адтуль – у царкву.
У маладой – чаканне маладога; пры ёй «шафярыцы» – яны вараць, пякуць. Гэта ж самае рабілася і напярэдадні; гучаць песні:
Гаварыла бочачка,
У піўніцы стоячы:
- Калі вы мяне
Да не вып’еце –
Я і сама разальюся,
Па дварэ пакачуся,
На дварэ расіцаю,
За вароты крыніцаю.
Гаварыла дзевачка:
- Татачка мой родненькі,
Калі мяне да й не выдасі –
Я і сама ад вас пайду –
На двор дзявіцаю,
За вароты маладзіцаю.
Плавала вутка па моры хутка
Са сваімі вуцянятамі;
За ею, ею сівы селязень –
На крылцы наплывае:
- Пастой, вутачка, пастой, шэрая!
Што я табе за весць скажу:
«Быў я на моры, чуў я тры ўловы –
Таргуюць сеці на твае дзеці
I на цябе, шэрую вутку;
Зловяць цябе, шэрую вутку,
Маладыя рыбаловы
Да звараць цябе, шэрую вутку,
У паліваным гаршчочку.
Будуць цябе есці, шэрую вутку,
Панянята, князянята!»
Ходзіць дзевачка па сваім двары
3 сваімі дружачкамі;
За ею, ею малады хлопчык
На ножкі наступае:
- Пастой, Марылька, пастой, душачка,
Што я табе за весць скажу:
«Праз цябе, маладую,
Таргуюць чэпчык і намётачку
На тваю галовачку!»
- Я чэпчык сарву, намётачку згарну
I з дзеўкамі ў танец пайду!
Ці мяне ў таночак, ці мяне ў вяночак?
Ці мяне да дзевачак?
Дзевачкі ідуць, красачкі нясуць –
Яны мяне не прымаюць.
Малодкі ідуць, намёткі нясуць –
Яны мяне прыжыдаюць!
Абуяла канапелечка
У агародзе стоячы,
Да не даў ёй ветрычку
Шчэ ж болей пабуяці,
Лісцікамі памахаці.
Да адбіў жа лісточак
Да на жоўты пясочак.
Да й гуляла Марылечка
У свайго роднага таткі,
Да не даў ёй Гараська
Шчэ ж болей пагуляці –
Да расплёў ёй коскі,
Да разліў ёй слёзкі.
Хадзілі стральцы па полю
Да злавілі сівага лася ў гаросе.
Як зачула тая ласіца, што ў лузе,
Пакідала крутыя pori пад ногі;
- Няхай мае крутыя pori прападуць,
Куды майго сівага лася павядуць?
Як зазвінелі галасныя званы ў полі,
Як зачула маладая Марылька ў каморы –
Сама пала сваёй мамачцы на ногі:
- Няхай мае залатыя ключы прападуць,
Куды мяне ад роднай мамачкі павязуць?
Што табе, дзевачка,
У мамкі надаела,
Што ты, маладая,
Замуж захацела?
У твайго таткі
Пірагі да й сладкі,
А ў твайго свёкаркі
Хлеба недахваткі.
Поўныя засекі,
Да кіёў насекі,
Да мякіну таўкуць,
Да аладкі пякуць,
Цыбульку смажуць
Да аладкі мажуць.
Сядзіць дзевачка за сталом,
Паклала ручачкі на стале.
- Белы мае ручачкі ў мамачкі,
А ці будуць белы ў свякрухі?
Ячную мякіну таўкучы,
Сырую пшаніцу мелючы?
- Не тужы, дзевачка, не тужы –
Ячную мякіну сам стаўку,
Сырую пшаніцу сам змялю!
Бярыце, дзевачкі, венічкі,
Мяціце вулачку з канца ў канец –
Будзе ехаць дзевачка пад вянец!
Забылася хустачкі, грабянца!
Вярніся, хлопчык, па хустачку, грабянец!
680 страница
- Я ж табе, дзевачка, не пасланец!
Е ў цябе дружачкі-служачкі —
Яны табе пададуць хустачку, грабянец,
Яны цябе падвязуць пад вянец!
Ці я табе, мамачка, не люба,
Што ты мяне пасылаеш да шлюба?
Ці я табе кашулькі не мыла,
Ці я цябе мамкаю не звала,
Ці я табе пасцелькі не слала?
Не слала пасцелькі – буду слаць,
Не звала мамкаю – буду зваць,
Не мыла кашулькі – буду мыць!
Памыю кашульку беленька,
Пасцялю пасцельку мякенька,
Назаву мамачкай харашэнька!
Калі маладая – сірата, пяюць песні наступнага зместу:
Пазнаць Марыльку па вяселлечку,
Што Марылька — сіраціна.
Яе двор вялік, а збор невялік –
Не ўся яе радзіначка.
Паслаў бы я салавеечку
На Украіну па радзіну.
Салавей ляціць – не далятае;
А кукулечка на магілачцы
3 мамкай размаўляе:
- Рада б я устаці к свайму дзіцяці,
Парадачак паказаці,
Калі мая душачка пад трыма замкамі:
Першы замок – зялёны дзярночак;
Другі замочак – жоўты пясочак;
Трэці замочак – цясовыя дошкі.
Нешта ў лесе памалюсеньку гукае –
Там Марылька свайго татачку шукае.
Хоць ты шукай, хоць ты не шукай – не знойдзеш:
Твой татачка на Украінцы – далёка,
У сырой зямлі, у жоўтым пясочку – глыбока!
Павей, павей, буян-вецер, з даліны,
Узвей, узвей жоўты пясочак з магілы,
Пабі, Божа, цясовыя дошкі на крошкі,
Пастаў, Божа, майго татачку на ножкі.
Хоць ты стаўляй, хоць не стаўляй – не стане!
Увесь час ідзе ў яе падрыхтоўка – пякуць, вараць. Калі месяць цеста на каравай, пяюць:
Каравайніцы з места
Да пакралі ўсё цеста –
Хто ў мех, хто ў карманы –
Ды дзевачкам на падманы,
Хто ў мех, хто ў кішэні –
Сваім дзецям на вячоры.
Сабраўся малады. 3 ім увесь час яго родная сястра (або дзве). Сястра маладога павінна быць абавязкова. Калі ў маладога няма з радні сясцёр, іх (або яе) замяняе чужая дзяўчына. Перад ад’ездам усе ўстаюць з-за стала, апошні адцягваюць ад сценак. Сват (звычайна хросны бацька) абводзіць за руку ўсіх навокал стала тры разы; за рукі бяруцца праз хусткі. За апошнім разам малады цалуе абраз. Сват, зварочваючыся да сваякоў, кажа:
— Благаславі, айцец, маці і добрыя людзі!
На што яму адказваюць:
— Бог благаславіць!
Гэты зварот паўтараецца тры разы – пасля кожнага абходу. Далей сват бярэ маладога за руку і выводзіць яго на двор. Ля дзвярэй два сваякі, узяўшы хлябы ў рукі і падняўшы іх угору, прапускаюць маладога і шафераў. Як толькі апошнія пройдуць такім чынам праз першыя і другія дзверы, – хлябы здымаюць.
Раней перад вянцом у хаце маладога ставілі пустую дзяжу, якую засцілалі абрусам або новым палатном, садзілі маладога на дзяжу, ставілі каля яго тры звязаныя свечкі (чырвонай стужкай) і запальвалі іх; потым абводзілі навокал маладога свечкі і трошкі падпальвалі яго валасы. Пасля гэтага яго адпраўлялі да маладой (кажуць, што ў Пратасевічах – вымаўляюць таксама «Прадасэвічы», «Праташэвічы»— гэтак і цяпер робяць).
Малады садзіцца ў павозку, з ім побач сястра і шаферы; на другім кані – музыкі. Едуць да маладой. Туды ж накіроўваецца і ўвесь народ з яго хаты.
Як толькі прыедзе малады – маладую пачынаюць адзяваць. Малады адразу ідзе ў хату. Там яго садзяць за стол, на якім ёсць закуска і гарэлка. На самым куце садзяць яго сястру, па яе левую руку – малады, па правую – сваты. Ад яго ўлева – шаферы. Супроць маладога – цераз стол – пакідаюць месца для маладой.
Пачынаюць есці. Першы п’е старшы сват маладога. На сватах ляжыць увесь час абавязак распарадку – яны з’яўляюцца галоўнымі кіраўнікамі вяселля.
Астачу з чаркі, якая бывае адна і абыходзіць усіх, сват вылівае за плячо і кажа: «Хай нашы маладыя так жывуць і падскакваюць». Пасля старшага свата чарка ідзе ўлева да сястры маладога, да яго самога і г.д. Выпіць трэба абавязкова і ў крайнім выпадку – прыгубіць. За сталом
681 страница
сядзяць усе яе сваякі; з боку маладога нікога няма.
У бедных сялян ядуць звычайна рукамі: няма відэльцаў, лыжак. 3 закускі ставяць каўбасы, сала, мяса варанае, свініну. Хлеб бывае зверху з узорамі (зробленымі шклянкамі і чаркамі).
П’юць і ядуць да таго часу, пакуль не прыйдзе маладая. Яе прыводзіць за руку «заводніца». Заводніцай бывае «дзядзіна» (жонка дзядзі) або кума.
Калі «бяседа» ўселася за сталом, маладая з заводніцай ідзе ў другое памяш-канне, дзе адзяюць маладую. Тутака заводніца рэжа ручнікі не нажнічкамі, а нажом – свату (хроснаму бацьку), бацьку маладога, рыхтуе пояс з воўны і хустачку (якую мае – кашаміравую або паркалёвую). Заводніца, трымаючы на далоні левай рукі хлеб, пояс і хустку (маладому), правай рукою вядзе маладую ў пакой, дзе знаходзіцца «бяседа». Звычайна яна нясе падарункі і музыкам – кожнаму па ручніку.
Маладую садзяць за стол са словамі заводніцы: «Благаславіце, айцец, маці і добрыя людзі!» На што сват адказвае: «Бог благаславіць!»
Старшая шаферыца прышывае кветкі – спачатку маладой, а потым маладому. Кожная малодшая шаферыца робіць тое самае з сваім шаферам. Пасля гэтага маладой даюць піць і есці (бывае, што даюць і раней).
Калі з вяселлем паспяшаюць, дык за сталом доўга не сядзяць. Маладая абхо-дзіць стол тры разы, таксама як і малады ў сваёй хаце, з тым жа зваротам да бяседы; пасля гэтага кланяецца сваёй матцы, бацьку, усім родным – у гэты час яе хрысцяць. Калі адзяюць маладой вянок, пяюць:
Бедавала Марылька, бедавала,
Што зарання зімачка напала,
Сняжком рутачка прыпала –
Не з чага маладзе вянка звіць.
Як зачуў яе Гараська:
- Не бядуй, Марылька, не бядуй,
Я ўчара на торгу пабываў,
Я табе вяночак старгаваў,
Хоць не руцьмяны – папяровы,
На тваю галоўку гатовы!
Маладыя садзяцца на коней. Праз увесь двор каня маладога вядзе сват, які ў руцэ трымае «пірог» (хлеб) на «веку» (крышка ад дзяжы.) Века зверху пакрыта надзежнікам. (Бывае, што першая выязджае маладая.) Калі выязджаюць з двара, дык маладая (або яе матка) сыпле жыта.
Па дарозе ў царкву маладая стараецца абагнаць маладога. Кажуць, што хто абгоне – таго ў жыцці «будзе верх». Але ж конь у маладога добры. У лепшым выпадку маладая застаецца ззаду, у горшым – вывернецца.
На зваротным з царквы шляху маладых у кожнай вёсцы, праз якую яны праяз-джаюць, спыняюць у «вешніцы» – ставяць стол, аздоблены кветкамі, на стале –хлеб, пасыпаны соллю, і шклянка, поўная вады, – «каб жыццё іх было поўнае». Малады павінен даць выкуп – «гасцінец»: цукеркі, калі няма, дык грошы; грошы даюць таму, хто прымушае, – звычайна моладзі.
У сваёй вёсцы маладога таксама затрымліваюць – ён павінен плаціць выкуп. Бывае так, што, пакуль ён даедзе да сваёй вёскі, яму ўжо няма чым плаціць. Звычайна малады выкупаецца цукеркамі. Пасля выкупу ў сваёй вёсцы маладыя пад’язджаюць да ганка маладой.
Раней маладых спынялі каля варот хаты маладой, і ён павінен даць бутэльку гарэлкі таму, хго зачыняе вароты. Пакуль маладая аправіцца, маладога затрымлівалі каля ганка. Маладую ж у хаце садзілі на лаўку перад сталом, а стол ставілі перад печчу. Лаўку пакрывалі кажухом, а галаву маладухі – белай паркалёвай хусткай. У гэты час госці стаяць на ганку; дзяўчаты спяваюць:
Не плача, не плача
Наша Марылька –
От даць ёй памачу –
Горкае цыбулі пад вочы.
Малады з павозкі павінен адразу стаць на дзяжу; калі ён перашагне – гэта адзнака яго нячэснасці.
Усіх гасцей пускаюць у хату. Сват нясе падарунак – намётку або на вопратку (гэта падарунак маладога) і кладзе перад маладой са словамі: «Добры вечар». Пры гэтых словах маладая павінна адкрыцца. Пасля гэтага бацька маладога зазывае: «Прашу, госцікі, за стол!»
Усе садзяцца за стол, і пачынаецца баляванне. За сталом шаферкі (або чужыя) пяюць:
682 страница
Дай, свацця, пірага,
Бо вазьмём вала за para,
Сівую кабылку за грыўку.
Або:
Сядзіць свацця на елі,
Распусціла калені.
Сядзіць свацця на вуллі –
Пад ёй пчолкі.
Або:
Сядзіць свацця – моршчыцца,
3 кішэні пірог тошчыцца.
Урэшце, свацця дае пірага таму, хто спяваў. Ля ганка ўжо падрыхтаваны стол, аздоблены кветкамі (улетку жывымі, узімку са стужак або паперы). На стале –хлеб, соль, гарэлка і мёд (або цукар). Маладыя адразу злязаюць на падушку перад сталом; падушка пакрыта абрусам.
Раней маладая павінна была стаць на дзяжу (значэнне тое самае, што і для маладога). Усяго яна павінна была праходзіць цераз дзяжу 3 разы: 1) перад вянцом, 2) пасля прыезду з-пад вянца і 3) калі пераязджае ў хату маладога.
Калі маці маладога ўдава альбо за ўдаўцом, яна не павінна сустракаць мала-дых; гэтую ролю выконвае «хросная» альбо яшчэ якая-небудзь жанчына, не ўдава. Матка (альбо намесніца) дае маладым мёду па маленькай лыжачцы: спачатку дачцы, потым яму – па тры разы кожнаму; потым налівае сабе чарку гарэлкі і са словамі: «Будзьце здаровы», на што маладыя адказваюць: «Пійце на здароўе!» — выпівае, зноў налівае дачцы, потым сабе, яму – сабе – ёй – сабе і г.д., кожнаму тры разы. Кожны з іх, не дапіўшы, вылівае астачу праз плячо назад. Пры ўваходзе ў хату дзяўчаты ўлетку абсыпаюць маладых кветкамі; узімку – парэзанай афарбаванай паперай. Маладыя садзяцца за стол, і пачынаецца баляванне, пасля – скокі. Тут прысутнічаюць толькі сваякі маладой і яе госці.
У гэты час у хаце маладога збіраюцца яго госці. 3 хаты маладой сюды накіроў-ваецца пасланец па сваякоў і гасцей маладога; калі госці не ідуць, малады сам ідзе па іх. Усе пераходзяць у хату маладой, у гэты час яе сваякі і госці выходзяць. Новая змена садзіцца за стол; кіруе ўсім сват яго. Паміж сватам і бацькам маладога адбываецца пікіроўка, напрыклад, сват: «Глядзі, госці галадаюць!» Або: «Ты не маеш права са мной разгаварваць!» На што бацька маладой адказвае: «Прашу, госцікі, пійце і прабачайце на большае!» Калі гаспадар у дастатку – ён усё дае; калі скупы – замоўкне. Паеўшы і выпіўшы, уся змена ідзе ў хату маладога; зноў прыходзяць госці маладой, і зноў цягнуцца размовы, выпіўка, скокі…
НА ДРУГІ ДЗЕНЬ
У першую ноч маладым у яе хаце ложка не рыхтуюць; маладыя спяць дзе прыдзецца (як і госці): на падлозе, на возе і г.д. Часта разыходзяцца па блізкіх хатах, дзе і праводзяць астачу ночы.
Зранку ўсіх гасцей зазывае да маладой сват яе. У гэты ж час у хату да маладой прыходзяць сваты за некаторымі гасцямі маладога; іх сустракаюць клікамі: «Гэта ж хто прышоў? Гэта ж зладзеі! Яны што-небудзь украдуць!» На гэта сват маладога адказвае: «Цяпер мая сіла – усё возьмем!» – «Ну што ж – здадомся ў палон!»
У двары ў некаторых месцах у гэты час робяць з саломы каня, на якім павязуць свата, калі маладыя будуць пераязджаць да яго. Каня стараюцца ўкрасці госці з дома маладога. Тут бывае многа схватак, жартаў і смеху. У хаце ў час прыходу сватоў маладога спяваюць песні:
Мы думалі, што сватоў мала,
Аж іх поўная лава.
Як селі – свінню з’елі
3 семярымі парасятамі,
Ды кабылу з жарабятамі.
На стале – ні крошачкі,
Пад сталом – ні костачкі!
Нашы сваткі немы,
Грэцкую муку елі,
Мукою папыліліся,
Лускою падавіліся.
Перад адправай у яго дом у маладой бывае «каравай». Гэта – белы хлеб, аздоблены зверху маленькімі булачкамі, формы чатырохкутнай. Калі прыносяць каравай, сват маладога ўстае з-за стала і мые рукі, потым просіць, каб далі ручнік выцерці рукі.
Гэтым ручніком яго звязваюць праз правае плячо пад левую руку. Бывае і так, што тут яму дораць пояс або паркалёвай матэрыі, якой таксама звязваюць.
683 страница
Спачатку сват выразае вярхушку каравая і дае маладым; потым рэжа яго на часткі і заклікае гасцей «купіць каравай». Першымі каравай закупаюць яе бацькі –кладуць грошы і хлеб, за імі ідуць сваякі. Пры гэтым кожны гаворыць якое-небудзь пажаданне, напрыклад: «Дару вам медзі, каб былі дзеці, як мядзведзі!»; «Дару шчасцем і доляй, як і людзей добрых, хлебам і соллю!»; «Дару шчасця, долі і белага сыру і да году сына!»; «Дару вам шчасця, долю і дубовы пень, каб любіліся ноч і дзень!»; «Дару вам шчасце, долю, жыта мерку і дачку-піянерку!» (3 новых.)
Звычайна кладуць на талерку грошы, а іншыя – палатно. Атрымаўшы кавалак каравая, кожны павінен выпіць чарку гарэлкі. Пры раздачы каравая заўважаецца такі выпадак. Звычайна грашыма даруюць маладую ўсе прысутныя, у тым ліку і дзеці.
Каравай скончыўся; трэба рыхтавацца да ад’езду к маладому. Госці падымаюць свата «на ўра», качаюць яго, пытаючыся «мокра ці суха». Калі сват адказвае «суха», дык яго зноў качаюць, пакуль не скажа «мокра!». Тады ён павінен паставіць бутэльку гарэлкі тым, хто яго качаў.
Маладая бярэ з сабой пасцель, якую павінен спачатку выкупіць малады. Маці садзіцца на ложак, і паміж ёю і зяцем пачынаецца торг; у канцы малады плаціць грошы і гарэлку. Усе пасцельныя прылады – падушкі, посцілкі, коўдру – забі-раюць на воз, на які малады садзіцца з маладой; апошняя бярэ вобраз і падарунак свякрусе, і накіроўваюцца ў хату маладога. Сваты і дружкі маладога стараюцца ўкрасці і ўвезці з сабою нажы, відэльцы і лыжкі.
Уперадзе паехалі музыканты.
Ля варот спыняюць каня маладога – зноў трэба плаціць выкуп. Тут пастаўлена бочка без дна і крышкі – у сярэдзіне салома, якую запальваюць. Калі пад’яз-джаюць да варот, дык малады кідае хлеб праз каня. Гэты хлеб падбірае публіка. Побач з бочкай ставяць стол, на якім ляжаць розныя рэчы: малаток, стары бот і інш. Некаторыя ўбіраюцца паляўнічымі і, прычапіўшы з боку курыцу, злоўленую ў двары маладога, сустракаюць абоз стрэламі. Пачынаецца торг. Калі не старгуюцца, напіраюць на вароты, якія трашчаць, ляцяць – і ўся ватага з маладымі на возе ўрываецца ў двор і аказваецца перад сталом, на якім ляжыць хлеб, соль і цукар.
Музыкі іграюць вітанне. Першую чарку выпівае маці «да свайго сына», потым дае маладой гарэлку, закусваюць цукрам. Бяседа спявае:
Пайду я замуж
Ды даведаюся –
Калі добра будзе,
Дык я нажывуся;
А калі пагана,
Дык назад вярнуся.
Я ў свайго татачкі
Служыць наймуся:
Прымі мяне, татачка,
Да хаця і з хлебам.
- Ты ж мяне, дзіцятка,
Цяпер не трэба.
Маладых вядуць у хату. Тутака маладая дорыць падарункі маці – палатна «на стан» (бялізну), намётку (раней), сёстрам маладога (хусткі), братам (паясы).
Праз некаторы час вязуць яе прыданае ў куфры; наперадзе – калі вяселле бывае ў адной вёсцы – едзе на саламяным кані сват. Ля ганка куфар затрымліваюць, і пачынаецца выкуп пасагу: з аднаго боку – малады, з другога – брат маладой, які сядзіць на возе, а з ім садзіцца на воз многа людзей. У гэты час бяседа спявае песню такога зместу:
Як у нашага свата
Да ні клеці, ні павеці –
Недзе куфра дзеці.
Ды паставім пад страхою
Ды накрыем бараною –
Тут яму векаваць,
А Гараську пільнаваць!
Калі не паладзяць, дык куфар вязуць назад; тады ўжо за ім едзе малады. Урэ-шце, малады плаціць выкуп – грошы, якія ідуць на карысць брата маладухі. У гэты час спяваюць у двары:
Падзякуйма свату,
Што просіць у хату
На мёд, на гарэлку,
На салодкае піва,
На харошае дзіва.
Куфар цягнуць у сенцы, усе накіроўваюцца ў хату. У хаце сваха засцілае сталы сваімі абрусамі, на вобразы – новыя ручнікі. Свахі спяваюць:
684 страница
Прымайце пяньковіцы –
Засцелем бялевіцы;
Прымайце бялевіцы –
Засцелем шаўкавіцы.
Наступае апошняе дзеянне: каравай у маладога. Дзеляць яго перад ад’ездам сваякоў маладой: адбываецца ён таксама, як і ў маладой. Госці гуляюць увесь вечар; музыка грыміць то польку, то вальс.
Спяць дзе прыйдзецца; назаўтра апахмяляюцца… Пры ад’ездзе сваякоў маладой спяваюць:
Ох вы, свашачкі, ох вы, пташачкі,
Просім вас,
Каб не было нашаму дзіцяці
Ганьбы ў вас,
Каб не стаяла цёмныя ночы
Пад вакном,
Каб не ўцірала горкіх слёзак
Рукавом,
Каб не была паветачка
Хатачкай,
Каб не была суседачка
Мамачкай.
Паветачка – не цёплая хатачка,
Суседачка – не родная мамачка!
Маладыя ўступаюць у новае жыццё.
Запісаў А.Немцаў.
Друкуецца па кн.: Вяселле: Абрад. Мн., 1978. С. 438 – 450.