Из воспоминаний бывшего жителя д.Дараганово Владимира Киселева:
Без асаблівых прыгод увайшлі дараганаўцы ў вайну. Зацішша працягвалася каля паўтара месяца. У гэты час былі перацягнуты рэйкі чыгункі на нямецкую вузкую каляіну, пачаўся чыгуначны рух.
У пачатку жніўня 1941 года мы прачнуліся, разбуджаныя кулямётнай чаргой пад нашымі вокнамі. Маці першая выглянула ў вакно і з жахам прашаптала: «Немца забілі!» Па вуліцы хадзілі ўзброеныя нямецкія салдаты. Калі мы лепш агледзеліся, то аказалася, што на вуліцы насупраць сушылкі ляжаў чалавек у чырвонаармейскім адзенні.
Пазней даведаліся, што нямецкія жандары са Старых Дарог разам з паліцэйскімі робяць аблаву на жыхароў Дараганава. У першую чаргу яны акружылі і праверылі дзіцячы дом. Там, на іх думку, прадаўжала заставацца прасавецкае асяроддзе.
I сапраўды, да дзетдомаўцаў прыбіўся пры адступленні нейкі баец Чырвонай арміі. Ён выбег у час трывогі з дзіцячага дома і падаўся ў бок мястэчка. Казалі, што прабягаючы ля сажалкі, ён выкінуў у яе наган. Аднак ля вышкі ўжо залёг нямецкі кулямётчык, які і забіў гэтага чырвонаармейца.
Ля дзетдома немцы злавілі мясцовага хлопца, які спрабаваў схавацца на лузе разам з вінтоўкай. Арыштавалі яшчэ армяніна-выхавацеля, як нетутэйшага, ды яшчэ некага. Калі групу вялі ля нас у школу, то гэты армянін усё даказваў, што ён не яўрэй.
У хуткім часе загрукалі і ў нашы дзверы. Немец з паліцэйскім забралі бацьку і маці. Такім чынам было сагнана ў школу ўсё дарослае насельніцтва. Маці даволі хутка вярнулася. Значна пазней прыклыпаў дамоў бацька. Яго, стрыжанага, памылкова залічылі ў камуністы. Аднак хутка выпусцілі.
У той дзень былі затрыманы ўсе яўрэі мужчыны, арыштаваныя ў дзіцячым доме, і, верагодна, яшчэ нехта. Праз кароткі час непадалёк раздалася доўгая кулямётная чарга. Гэта былі пастраляны ўсе затрыманыя. Яма ля гасблока сухотнага санаторыя была запоўнена забітымі даверху. Паліцэйскія засыпалі забітых. Колькі іх было тады, сказаць не магу. Ведаю, што многа – чалавек дваццаць – трыццаць, а можа і болей.
Здзейсніўшы сваю чорную справу, атрад ад’ехаў у Старыя Дарогі. У канцы дня быў пахаваны і невядомы баец ля дарогі на пераезд з правага боку. Яго ціха, з горкім спачуваннем аб салдацкай долі пакрылі ў магіле без труны простай беларускай посцілкай…
Неўзабаве адбыўся яшчэ адзін старадарожскі наезд, дату яго засведчыць не бяруся. Немцы і паліцэйскія размясціліся на гэты раз у дзіцячым доме. Ішло фарміраванне мясцовай улады, органаў мясцовага «самакіравання». Быў назначаны з мясцовых бургамістр (прозвішча яго не ведаю), скамплектаваны з завярбованых паліцэйскі атрад. У той час паліцэйскім не выдавалі яшчэ зброі і формы. Яны вылучаліся толькі нарукаўнай павязкай. Іх функцыі на першым часе не выходзілі за межы самааховы.
Па заканчэнні справы нямецкі афіцэр паслаў аднаго са сваіх салдат на веласіпедзе, а з ім і бургамістра, на першае «заданне»: сабраць для прыбыўшых што-небудзь перакусіць. Калі яны знаходзіліся ў пошуках яек за сельсаветам ля могілак, з кустоў раздаўся стрэл, і нямецкі салдат быў забіты. У роспачы, дрыжачы як асінавы ліст, наваяўлены бургамістр дабег да афіцэра і далажыў яму пра бяду.
Неадкладна было адабрана дзесяць маладых здаровых хлопцаў з цэнтральнай часткі мястэчка, якіх зараз жа расстралялі. Вось такім чынам усталёўваўся ў тым далёкім 1941-м Дараганаве «Neue Ordnung».
Тое, што ўсе загубленыя ад пачатку акупацыі былі зусім невінаватыя, усяліла ў адных местачкоўцаў пачуццё бязвыхаднасці, удругіх – асэнсаванне неабходнасці прымаць адпаведныя дзеянні ў адказ. Адбылася нейкая дыферэнцыяцыя сярод людзей. Усе адчулі ворага і вызначыліся ў адносінах да яго.
Недзе з восені, калі пачала працаваць чыгунка, у будынку новай школы быў размешчаны нямецкі гарнізон на правах камендатуры. Школа была ўмацавана, абнесена брустверам да ўзроўню першага паверха. Гэта былі два рады жэрдак і аполкаў, састаўленых вертыкальна ў два рады з прамежкам недзе каля аднаго метра, у якім быў засыпаны пясок. Па вуглах былі абсталяваны кулямётныя гнёзды. Пазней навокал быў спілены лес. Прастора пачала праглядвацца і прастрэльвацца. Ля чыгуначнага моста, з боку лесу, быў узведзены бліндаж з кулямётнай кропкай. Пазней падыходы да яго былі замініраваны.
Змяніліся і функцыі паліцыі ў бок пашырэння іх статуса. Паліцэйскія атрымлівалі зброю і абмундзіраванне, якое было пакуль самае рознакалібернае: хадзілі і ў зялёным нямецкім, і ў чорным паліцэйскім, і проста ў цывільным. Іх паступова пераводзілі на казарменнае становішча. Начальнікам паліцыі стаў Казак.
Хоць і фармальна, але пачалі праводзіць нейкую дзейнасць і мясцовыя органы ўлады, у тым ліку і лясніцтва. Яго новыя штаты складалі 12 чалавек – запоўнены былі напалову. Лясніцтва функцыянавала з лістапада 1941 г. па ліпепь 1944 г.
У сакавіку 1944 г. дзейнічалі наступныя валасныя ўстановы і падраздзяленні: млын (загадчык Багдановіч С.А.), ветэрынарны пункт (загадчык Авілаў П.), малаказавод (загадчыца – жонка Авілава), школа (дырэктар Ліннік А.), валасное праўленне (сакратар Ус I.), аграном воласці Мялешка, ссыпны пункт (загадчык Клыга I.) і інш. Бургамістрам у гэты час быў Новік Іван.
З боку нямецкіх улад працягвалася палітыка жорсткіх рэпрэсій. Аднойчы, можа, у другой палове 1943 г., нямецкія жандары ці войскі СС перастралялі сваё дараганаўскае начальства. У прыватнасці, быў расстраляны першы бургамістр Андрыянаў, дырэктар малаказавода Герліванаў і іншыя. Іх забілі без усякіх тлумачэнняў на ўскраіне мястэчка выстралам у патыліцу.
Аднойчы ў час нейкай карнай экспедыцыі ў другой палове 1943 г. партызаны разграмілі паліцэйскі атрад і забілі пры гэтым брата начальніка паліцыі. У адказ паліцэйскія пазбіралі з суседніх вёсак усіх старых (маладыя ды здаровыя былі ці ў паліцыі – у меншай колькасці, – ці ў партызанах), прывезлі ў Дараганава і пасля здзекаў прывялі пад леснічоўку да ляснога пітомніка і загадалі капаць сабе магілу. Калі адзін з іх адказаўся падчыніцца, то паліцэйскі выцяў яго рыдлёўкай па галаве і той ляжаў да пачатку экзекуцыі. Потым усё ішло па выверанай завядзёнцы. Узмах хустачкай нямецкага афіцэра і ашалелая пальба з аўтаматаў…
Існаваў тады такі «парадак»: забітых і пахаваных нельга было забіраць з могілак самым блізкім без адпаведнага на тое дазволу расстрэльшчыкаў. Каб «задобрыць» іх і агрымаць такі дазвол, сваякі неслі «гасцінцы» і «выкупы». На такіх умовах забралі і блізкія сваіх сялян і павезлі іх на драбінах у тых ірваных кажушках на сялянскія родавыя могілкі.
Адзін з прыдуркаватых паліцэйскіх хадзіў у поўнай нямецкай амуніцыі з нямецкай вінтоўкай і лічыўся першакласным служакам і трапным стралком. Аднойчы да яго з вёскі завітала яго дваюрадная сястра. На вуліцы яны за нешта паспрачаліся. Яна ў гарачцы развярнулася і пайшла. На вокрыкі «Стой’ Страляць буду!» не адазвалася, не спынілася… і паліцэйскі забіў яе выстралам у галаву. Нямецкія ўлады «пакаралі» яго: адправілі ў складзе фарміруемай «беларускай арміі» на фронт. Аднак не прайшло і двух месяцаў, як забойца зноў свабодна разгульваў па мястэчку.
Перыядычна паліцэйскія адыходзілі на «аперацыі» ў вёскі. Адтуль у якасці трафеяў цягнулі за плячыма клункі з нарабаваным сялянскім скарбам. Паліцэйскія ўсё болей пачыналі ўцягвацца ў ваенныя дзеянні, у карныя справы. Адпаведна яны ўсё болын дэградзіравалі. Хоць перспектывы для іх не было, начальнік паліцыі ўсё больш далдоніў пра нейкае чакаючае бальшавікоў «возмездие».
У прыватнасці, яны прыцягваліся для ранішняй праверкі чыгуначных пуцей (чыгунка ўначы не дзейнічала). Партызаны іх папярэджвалі надпісамі крэйдай на рэйках: «Паліцэйскія-бобікі, рыхтуйце сабе гробікі!». А затым няўхільна выконвалі сваю пагрозу. Ляснік Кавалеўскі перайшоў адным з першых на службу ў паліцыю і быў забіты ў час чарговага абходу чыгункі.
Ён аднойчы дапытваўся ў майго бацькі, кім мог быць забіты нямецкім афіцэрам нейкі лысы партызан пры падыходзе яго да лодкі на рацэ Пціч. Бацька ўсё аднекваўся, але па ўсіх прыкметах здагадваўся аб загінуўшым. Калі паліцэйскі выйшаў, ён з горыччу пра сябе вымавіў: «Цыганка, сволачы, забілі!» (Цыганок быў лесніком перад вайной).
Партызаны забілі і старэйшага брата Кавалеўскага, таксама паліцая. Той ехаў аднойчы п’яны з Асіповіч праз лес на кані. Увесь час крычаў і страляў. Вось гаспадары лесу і вырашылі праверыць, хто ўчыняе гакі гам і шум…
На пераломе вайны не згубіўшыя гонару паліцэйскія сталі ўсё часцей падавацца ў партызаны. Гэта рабіць было даволі небяспечна. Рэпрэсіі абрушваліся на блізкіх. Практыкаваліся па гэтай прычыне нават прафілактычныя» расстрэлы паліцэйскіх.
Ці не апошняй «баявой» заслугай паліцэйскіх было выяўленне ў адной настаўніцы двух хлапчукоў-блізнят ад бацькі яўрэя. Яны іх адшукалі, адабралі ў маці і забілі. Тая ад гэтага кранулася розумам.
Жыццё ў гады акупацыі нічога не каштавала. Пачуўшы недзе стрэл, звычайна гаварылі: «Яшчэ адной душы няма!».
Увогуле ўсе мы тады хадзілі па лязе. Як ацалелі – аднаму Богу вядома.
Тое ж датычыла і жывёл. Асабліва старанна і заўзята знішчалі буслоў. К завяршэнню вайны яны амаль што вывеліся. Такі ж лёс спасціг каршуноў, сабак і нават курэй.
Увесь час акупацыі ішло паляванне на людзей.
Асабліва яно абвастрылася ў 1943- 1944 гг. Так, у гэты час забралі на работы ў Германію майстра леспрамгаса Івана Міхадзюка. Наколькі мне вядома, з чужыншчыны ён так і не вярнуўся.
У студзені паліцэйскія разам з жандарамі арыштавалі ў канторы лясніцтва і на ўчастку аб’ездчыка А.С.Паланейчыка, лесніка А.У.Лубу, загадчыка смалакурнага завода Ф.Альфяровіча. Усе, за выключэннем А.У.Лубы, лёс якога мне невядомы, вярнуліся.
Немцы спрабавалі праз сваіх паслугачоў абалваніць, прыцягнуць на свой бок вясковую і местачковую моладзь, каб вывезці яе потым у Германію на работы. У прыватнасці, праз Саюз беларускай моладзі вясной 1944 г. вялася актыўная прапагандысцкая работа з мэтай прыцягнуць юнакоў да вучобы ваеннымі авіятарамі. Яна нават мела нейкі заклік у юнацкім асяроддзі. Але дзе падзяваліся тыя даверлівыя дараганаўскія хлапчукі, што далі згоду ехаць у «Вялікую Германію»? Яны бясследна зніклі альбо ў жарале вайны, альбо ў нямецкіх каменяломнях.
Падрыхтаваў В.У.Хурсік.
З успамінаў Марыі Міхайлаўны Дрозд, жыхаркі вёскі Каўгары Асіповіцкага раёна:
У 1941 г., калі немцы так раптоўна аказаліся на нашай тэрыторыі, у лесе арганізаваўся партызанскі атрад 161-й брыгады імя Р.І.Катоўскага. Туды пайшоў і дырэктар мясцовага спіртзавода Зеньчык Клім Пятровіч, а Мурга Пётр Барысавіч аказваў дапамогу партызанам прадуктамі. Пётр Барысавіч працаваў на прадпрыемстве механікам.
За сувязь з партызанамі фашысты арышташалі гэтага чалавека. Яго пыталі, білі, а потым сагналі ўсіх жыхароў вёскі Каўгары ў кучу, далі ў рукі Пятру Барысавічу кувалду і загадалі разбіць помнік У.І.Леніну, які стаяў у двары спіртзавода. Мурга адмовіўся зрабіць гэта. Тады немцы прыўзнялі яго штыкамі і, падштурхоўваючы, пагналі да помніка. Толькі ён усё вытрымаў, нічога не сказаў карнікам. Побліз якраз ехала фурманка, дык акупанты спынілі яе, знялі з каня лейцы, зрабілі з іх пятлю і пачалі прыладжваць лейцы да дуба, рыхтаваць шыбеніцу. Толькі пятля аказалася большай. I тады Пётр Барысавіч сам, уласнымі рукамі выправіў яе памер, пасля чаго фашыст выбіў скрыню з-пад ног гэтага чалавека: лейцы былі доўгімі, так што ногі павешанага даставалі да травы…
Жыхарам Каўгароў здымаць труп нябожчыка забаранялі цэлы тыдзень і прыгразілі, што так будзе з кожным, хто асмеліцца дапамагаць партызанам.
На другі дзень забралі жонку Пятра Барысавіча – Сцепаніду Іванаўну і сына Жэню, які тады якраз скончыў 10 класаў, а таксама Кантаровіча Сямёна Якаўлевіча. Вялі іх за пераезд па вуліцы, і Жэня, развітваючыся з дзяўчатамі і хлопцамі, сказаў: «Сябры, прабачце мяне, калі каго пакрыўдзіў, больш я да вас не вярнуся». Ён ведаў, куды іх вядуць…
Напачатку іх усіх прымусілі рыць сабе магілу, потым паставілі маці і сына і прашылі іх чаргой з аўтамата. Жэню куля трапіла ў нагу. Ён паваліўся побач з маці і сцішыўся. Потым паставілі Сямёна Якаўлевіча Кантаровіча. Ён быў сутулаватым. Калі паваліўся, то кашуля надулася ветрам. Немцы адышлі, паглядзелі, а сарочка трапечацца і бачна аголеная спіна. Акупанты вярнуліся і яшчэ раз прастрачылі з аўтаматаў. Адышлі, зноў ім падалося, што ён жывы, і ў трэці раз стрэлілі ва ўпор. I гэтай трэцяй аўтаматнай чаргой забілі Жэню: ён прыўзняўся і ўпаў. Усё гэта бачыў жыхар вёскі Халькі Бельчын, якога немцы схапілі на дарозе і прымусілі засыпаць яму.
Тры дні вісеў Пётр Барысавіч. Жанчыны пайшлі па хатах, збіралі яйкі. Занеслі іх каменданту з просьбай пахаваць чалавека. Усе тры дні не адыходзіў ад гаспадара яго сабака. Збегае да хаты, пасядзіць на ганку – няма нікога. Пабяжыць да дуба, цягне за штаны гаспадара, кліча яго дамоў…
Пятра Барысавіча пахавалі з жонкай і сынам у в. Халькі, на могілках. А на тым месцы, дзе забілі Сцепаніду Іванаўну, Жэню, Кантаровіча, людзі пасадзілі ружу, якая і цвіце кожны год, нагадваючы аб жахах вайны.
Расказвае аб гэтым Марыя Міхайлаўна, а ў самой поўныя вочы слёз: цяжка даюцца такія ўспаміны…
Двух дочак Мургі – Ніну і Тамару – немцы адправілі ў Германію, у рабства. Вярнуліся дамоў яны ў 1945 г.
Запісаў П.С.Качановіч.